Выстава Альберта Цэхановіча "Там" МФМ - 2017

Запрашаем усіх на адкрыццё выставы "Там"!
Кніжна-выставачная прастора «Кнiжная Шафа» прымае ўдзел у міжнародным фестывалі «МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ — 2017», у рамках якога прадстаўляе выставу вядомага і самабытнага беларускага аўтара Альберта Цэхановіча. Экспазіцыю мінчане змогуць убачыць з 12 верасня па 21 кастрычніка па адрасе Дзяржынскага, 9.


Выстава «Там» — гэта частка праекта "Падарожжа з Купалам" ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы (Мінск, Беларусь).
Экспазіцыя ўключае некалькі серый фотаздымкаў: “У пошуках Папараць-кветкі”, “На Іматру” і “Багна”, зробленых Альбертам Цэхановiчам падчас шматгадовых вандровак па мясцінах, звязаных с жыццём і творчасцю выбітнага беларускага паэта. 

Прадстаўленыя працы — гэта аўтарскія срэбныя адбіткі на барытавай фатаграфічнай паперы, выкананыя ўручную ў тэхніцы класічнага чорна-белага друку.
Інтэнцыя выставы заключаецца не ў простым адлюстраванні тых ці іншых месцаў, а хутчэй у стварэнні візуальных вобразаў, у чымсьці сугучных настрою купалавых вершаў і пэўнаму перыяду жыцця паэта. 

Альберт Цэхановiч нарадзіўся, жыве і працуе ў Мінску. Аўтар шаснаццаці персанальных і ўдзельнік некалькіх дзясяткаў калектыўных выстаў, у тым ліку ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літве, Швейцарыі, Францыі, Англіі, Іране, Кітаі. 
Аўтар працуе ў тэхніцы класічнага чорна-белага друку, выкарыстоўвае таксама спецыяльныя аўтарскія прыёмы хімічнай апрацоўкі выявы.

Творы спадара Цэхановіча захоўваюцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск, Беларусь), Музеі гісторыі фатаграфіі (Санкт-Пецярбург, Расія), Дзяржаўным музейна-выставачным цэнтры РОСФОТО (Санкт-Пецярбург, Расія), Рускім музеі фатаграфіі (Ніжні Ноўгарад, Расія).

Адкрыццё выставы адбудзецца 12 верасня ў 19.00, уваход вольны.

Час працы выставы: пн.-пт. 12.00 - 19.00, сб. 12.00 - 18.00, нядз. - выхадны.
Выстава "Там" будзе праходзіць тут :) >> праспект Дзяржынскага, 9, «Кніжная Шафа» (уваход са двара каля пад'езду №5 - сярэдзіна дома(!).
Тэлефон: +37517 234-48-64, +37529 645-20-55; e-mail: shafaminsk@gmail.com
Каб мы паднялі для вашага аўто шлагбаум - тэлефануйце па дадзеных нумарах.
Чакаем!