Ідэю гэтага выдання падказалі наведнікі сядзібы «Стары Менск», дзе яны даведаліся шмат цікавых фактаў, але не змаглі адразу ўсё запомніць. У выданні даступна і захапляльна апавядаецца пра ўзнікненне Менска на Менцы і час ягонага існавання тут з Х па сярэдзіну ХІІ стагоддзя. Выказваюцца нечаканыя версіі, што Рагнеду з Ізяславам саслалі менавіта сюды, а не ў Заслаўе. Што бітва на Нямізе была не там, дзе ўсе думаюць. Даюцца адказы на пытанні, чаму і калі Менск быў перанесены на Нямігу, але пры гэтым захаваў назву. Паказваюцца самыя цікавыя знаходкі з археалагічных раскопак розных часоў. Апавядаецца пра грандыёзныя раскопкі 2023-2024 гадоў, калі былі адкрытыя велічныя дубовыя сцены 997 года і фактычна атрыманая новая дата заснавання горада. Выкарыстана больш за 200 ілюстрацый, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.
Выданне дае чытачу важныя веды, каб паўнапраўна напоўніцца пачуццём любові і гонару за слаўную гісторыю Мінска і Беларусі. Запрашаем натхніцца ў «Стары Менск»!
